28 снежня 2017 года ў Мінску Цэнтр Астрагорскага і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры падтрымцы амбасады Вялікай Брытаніі зладзілі канферэнцыю “Рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікай Брытаніі: абмен вопытам і погляд у будучыню”.
Канферэнцыя была прысвечаная пытанням юрыдычнай адукацыі і яе патэнцыйнай ролі ў працэсе рэформаў у Беларусі. Канферэнцыя дазволіла брытанскім і беларускім навукоўцам абмеркаваць лепшыя практыкі і тэндэнцыі ў галіне юрыдычнай адукацыі. У прыватнасці, на панэлях былі абмеркаваныя арганізацыя навучальнага працэсу, прафесійныя навыкі студэнтаў і спецыялістаў, а таксама магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы юрыдычнай адукацыі.
Менеджар па якасці праекта TRADIR дацэнт Вадзім Самарын як спікер прыняў удзел у рабоце трэцяй панэлі “Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы юрыдычнай адукацыі”, прысвяціўшы свой даклад пытанням сумесных адукацыйных праектаў і іх фінансаванню, а таксама арганізацыі міжнародных канферэнцый. Асноўным зместам дакладу было азнаямленне ўдзельнікаў з вынікамі рэалізацыі праекта TRADIR.
Падчас канферэнцыі вялася прамая трансляцыя ў сетцы Інтэрнэт.